Мы пералічым некалькі індыкатараў, калі стратэгія патрэбна. А потым паразважаем, калі яна хутчэй не патрэбна.
🟪 Вы арыентаваныя на даўгатэрміновыя змены ў паводзінах аўдыторыі. Напрыклад, арганізацыя ў сферы правоў чалавека хоча, каб розныя мэтавыя групы (чыноўнікі, прадстаўнікі сілавых структур, настаўнікі і выкладчыкі, дактары і інш.) не толькі ведалі, што такое правы чалавека, але і маглі будаваць сваю дзейнасць адпаведна гэтаму падыходу. Змены ў паводзінах - гэта доўга, яны часта адбываюцца праз натуральнае ўнутранае супраціўненне. Не таму што людзі дрэнныя і неадукаваныя, а таму што іх папярэдні вопыт быў прынцыпова іншым. У такім выпадку арганізацыя мусіць планаваць як шырокія асветніцкія прадукты, так і больш глыбокія праграмы для лідараў меркаванняў у пэўных сферах (тых жа дактароў ці настаўнікаў). Каб зрабіць гэта, трэба паглядзець на сітуацыю больш стратэгічна, выбудаваць прыблізную лінейку прадуктаў і шлях.
🟪 Ініцыятыва ў стане роста і хоча пашырыць аўдыторыю. Можа, арганізацыя толькі-толькі адкрывае для сябе адукацыйны накірунак. Альбо ён ужо ёсць, але хочацца развівацца далей і пашыраць уплыў. Напрыклад, экалагічная арганізацыя зрабіла некалькі курсаў, наконт якіх была экспертыза ў асноўнай каманды і бліжэйшага кола. Мо яны нават класна прайшлі. Аднак ёсць адчуванне, што хочацца больш, прыцягнуць новых людзей. У гэтым выпадку стратэгія дазваляе разглядзець розныя варыянты роста і сфакусавацца на тых мэтавых групах, якія былі б найбольш лаяльнымі на наступным кроку. Прадумаць ці даследаваць, якія ў іх праблемы і адаптаваць пад гэта лінейку прадуктаў.
🟪 Ёсць некалькі адукацыйных прадуктаў, але яны не настолькі папулярныя, як хацелася б. Часта бывае так, што ініцыятыва робіць якасны, глыбокі курс, а ён цікавы толькі малой колькасці і так лаяльнай аўдыторыі. Напрыклад, фемарганізацыя запускае прадукт пра гісторыю фемінізма, а ён застаецца на задворках. У такім выпадку стратэгічны падыход дазваляе структураваць мэтавыя групы, іх патрэбы, адаптаваць лінейку прадуктаў так, каб там знайшлося нешта крутое і прывабнае і для навічкоў, і для прасунутых. Магчыма, некаторыя курсы ўжо не трэба ствараць (напрыклад, пра тую ж гісторыю) таму, што яны ўжо ёсць у даволі прыстойнай якасці на іншых пляцоўках. А гэтая ініцыятыва можа сканцэнтравацца на больш нішавых прадуктах. Стратэгія дазваляе падсвяціць гэтыя нішы.
🟪 Вы робіце шмат усяго ў навучанні, каманда стамілася. Стомленасць, канешне ж, залежыць не толькі ад адукацыйных прадуктаў. Яна часта ўзнікае ад няправільных працэсаў, разлікаў коштаў, размеркавання абавязкаў. І яшчэ ад ненармальнасці знешняга кантэксту. Аднак неправільна пабудаваная стратэгія запуску прадуктаў прыводзіць да таго, што каманда робіць шмат лішняга, стамляецца, а змены не бачныя. Напрыклад, НДА ў сферы грамадзянскай адукацыі запускае новыя і новыя прадукты, шчыра намагаецца зрабіць лепшае, аднак замест зменаў назапашваецца выгаранне. У такім выпадку стратэгія дазваляе вылучыць ключавыя прадукты і дадатковыя, сканцэнтравацца на паляпшэнні і прасоўванні ключавых. Скараціць ланцужкі зменаў. Не рабіць новыя курсы дзеля новых курсаў.
🟪 Вы хочаце распачаць вялікую праграму. Напрыклад, ініцыятыва хоча запусціць вялікі грантавы праект па медыяадукацыі. Трэба, каб заяўка для донараў была вывераннай, эрганамічнай. У такім выпадку стратэгічны падыход дазваляе зрабіць праект суцэльным, улічыць розныя аўдыторыі. Прадумаць як мікрапрадукты, так і вялікія адукацыйныя праграмы, каб яны былі доўгатэрміновымі, устойлівымі. Каб не скончыліся пасля заканцэння праекта.
🟪 У арганізацыі ў прынцыпе наладжана стратэгічнае планаванне і кіраванне, аднак патрэбна іх аперацыяналізацыя. Напрыклад, моладзевая арганізацыя мае наладжаныя працэсы, добрае бачанне, рэгулярна праводзіць стратсесіі. Нават не дзеля птушачкі, але ж шчыра. Аднак пры гэтым планаванне менавіта адукацыйнага накірунка патрэбуе даволі спецыфічных метадычных навыкаў. Прынамсі разумення, якія ёсць адукацыйныя прадукты і магчымасці, іх абмежаванні, спосабы рэалізацыі. У такім выпадку важны прафесійны знешні позірк непасрэдна спецыялістаў па методыцы, стратэгічным дызайне адукацыйных праграм. Гэта дазваляе аперацыяналізаваць адукацыйны накірунак, спланаваць яго лепш і больш бясшоўна ўпісаць у агульную стратэгію.