Валізка анлайн-трэнера: 5 карысных інструментаў

Будзем шчырымі, правесці трэнінг - гэта часта стрэс. Не ведаеш, як будзе рэагаваць група, якая ўвогуле будзе дынаміка. Правесці ж анлайн-трэнінг - стрэс удвая. Анлайн больш складана ўтрымліваць увагу, арганізоўваць практычную частку, каардынаваць групавую працу.


Каб падрыхтоўка анлайн-трэнінга была прасцей, мы сабралі набор простых інструментаў для трэнераў і трэнерак. Ён дазволіць лепш кантраляваць працэс, прасцей пераадольваць складанасці і рыхтавацца прадуктыўней.


У гэтым артыкуле прапануем 5 інструментаў, якія вы можаце забраць сабе ў персанальную валізку. Дарэчы, калі праводзіце навучанне часцей за 1-2 разы на год, раім завесці дошку на Miro, Canva, Mural альбо тэчку на Дыску, дзе будуць захоўвацца ўсе матэрыялы.

Інструмент 1. Карта эмпатыі
Як вы думаеце, навошта патрэбна карта эмпатыі? (даведайцеся правільны адказ пасля галасавання)
Каб зрабіць трэнінг найбольш карысным — правільны адказ.
Карта эмпатыі дапамагае лепш уявіць, што думаюць, адчуваюць і чакаюць удзельнікі, што паляпшае ўзаемадзеянне і планаванне.
Ёсць розныя варыянты карты эмпатыі. Мы зрабілі такі, які месціць, на наш погляд, самую важную інфармацыю, якая патрэбна для планавання трэнінга. Калі плануеш трэнінг і ўяўляеш сабе адразу ўдзельнікаў, то гэта дазваляе рабіць трэнінг больш рэалістычным, гэта ўключае нашую ўласную эмпатыю. Тамы мы раім адразу запоўніць карту здымкамі рэальных людзей, якіх вы ведаеце і якія б маглі прыйсці на трэнінг. Калі такіх няма, то хаця б прыблізныя тыпажы.

Карта эмпатыі разбіта на дзве сферы: перад трэнінгам і падчас яго. Падумайце, якія праблемы зараз турбуюць вашую аўдыторыю, што баліць настолькі, каб выдзяліць час на навучанне. Правы бок - гэта вопыт поспеху, які людзі могуць атрымаць падчас ці адразу пасля трэнінга, што зменіцца ў іх жыцці да лепшага. Ніжнія раздзелы - што ім можа перашкаджаць прайсці трэнінг (напрыклад, страх паказацца глупымі, тэхнічныя складанасці, недапасаваныя практыкаванні) і што іх парадавала б (раздатка, інтэрактыў, магчымасць звязаць трэнінг з жыццём, кантакты).
Інструмент 2. Структура анлайн-трэнінга
Навошта трэба карыстацца азначанай структурай анлайн-трэнінга?(даведайцеся правільны адказ пасля галасавання)
Каб трэнінг быў лагічным і лёгка ўспрымаўся — правільны адказ. Добра прадуманая структура гарантуе, што кожны элемент трэнінга будзе дапаўняць папярэдні і трымаць увагу ўдзельнікаў.
У прынцыпе амаль усе добрыя трэнінгі базіруюцца на падобнай структуры. Яна дазваляе і быць крэатыўнымі, аднак пры гэтым улічваць асаблівасці ўспрыяцця інфармацыі. Элементы могуць крыху мяняцца месцамі, нешта выпадаць ці паўтарацца, але агульна найлепш працуе такая структура:

🟣 Айсбрэйкер, уводзіны - стварае працоўны настрой
🟣 Актуалізацыя вопыта - дазваляе ўдзельнікам задзейнічаць тое, што яны ведаюць, адаптаваць свае чаканні
🟣 Уводзіны новага - невялікі кавалак тэорыі, якая дазволіць вырашыць задачу
🟣 Практыка - адпрацоўка рэальных навыкаў
🟣 Паўтарэнне, замацаванне - больш сталае ўспрыяцце новага, абагульненне
🟣 Рэфлексія, вынікі - пераварыць трэнінг, узяць галоўнае, праявіць удзячнасць

Паміж кожным з этапаў добра прадумваць вельмі кароткія элементы прыцягнення ўвагі. Калі тэорыі шмат, то яе можна разбіць на некалькі блокаў і чаргаваць з практыкай.

Калі вы рыхтуецеся да мерапрыемства, то проста трымайце перад сабой такую ўніверсальную структуру. Яна дазволіць пазбегнуць большасці памылак, якія робяць пачаткоўцы альбо паскораць працу, калі вы ўжо дасведчаны_ая трэнер_ка. Яшчэ адзін значны плюс такой схемы ў тым, што яна аднолькава пасуе і для анлайн, і для афлайн трэнінгаў.
Інструмент 3. Чэк канструктыўнай дапасаванасці трэнінга
Што такое канструктыўная дапасаванасць у трэнінгу? (даведайцеся правільны адказ пасля галасавання)
Гэта ўпэўненасць у тым, што трэнінг адпавядае мэтам — правільны адказ. Канструктыўная дапасаванасць звязвае мэты, метады і вынікі трэнінга ў адзінае цэлае.
Гэта інструмент, які добра выкарыстоўваць і на этапе планавання трэнінга. І калі трэнінг ужо спланаваны. Калі паглядзець на ўсю структуру, то такі чэк дазваляе пабачыць, ці не закраліся памылкі.

Тэрмін канструктыўная дапасаванасць - гэта класіка методыкі. Гэты інструмент дазваляе ўпэўніцца, што запланаваныя мэты і вынікі і падабраная намі практыка дапасуюцца паміж сабой. Яшчэ мы дадалі ў інструмент першую - маркетынгавую - частку пра чаканні ад трэнінга і абяцанні.
Інструмент 4. Набор прыёмаў на ўсе выпадкі
Навошта трэба збіраць набор прыёмаў? (даведайцеся правільны адказ пасля галасавання)
Каб хутка і лёгка планаваць трэнінгі пад розныя мэты — правільны адказ. Гэта дазваляе сэканоміць час на падрыхтоўцы.
Класна, калі ў трэнера_кі ёсць свая валізка з прыёмамі, якія нам падабаюцца, якія мы ўжо апрацавалі. Гэта дазваляе сэканоміць час на падрыхтоўцы новага мерапрыемства, зрабіць сваю ўнікальную скарбонку.

Для гэтага вы можаце сабраць класныя інструменты пад розныя этапы і мэты трэнінга. Напрыклад, размінкі, айсбрэйкеры, метады рэфлексіі, арганізацыі групавой працы. Ідэі, дарэчы, можна яшчэ падглядзець на сайце Адукаванкі (экстрэмістскі ў Беларусі).

Мы ў нашым канале часта публікуем карысныя падборкі матэрыялаў, падпісвайцеся!
Інструмент 5. Карта самарэфлексіі
Навошта рабіць карту самарэфлексіі? (даведайцеся правільны адказ пасля галасавання)
Яна дазваляе ацаніць уласную працу і вылучыць зоны для развіцця — правільны адказ. Часта так бывае, што нейкі трэнінг, які мы правялі, можа моцна не спадабацца альбо, наадварот, адчувацца ваў. Карта самарэфлексіі адлюструе, чаму было ваў, ці не спадабалась.
Часта так бывае, што нейкі трэнінг, які мы правялі, можа моцна не спадабацца альбо, наадварот, адчувацца ваў. Можа быць так, што нейкі складаны ўдзельнік разбурыў усю атмасферу. Альбо нейкая актыўнасць пайшла не па плане. Можа быць і наадварот: нейкае ваў-адчуванне засланае сабой патэнцыйныя недапрацоўкі.

Каб сфарміраваць устойлівы трэнерскі навык, важна захоўваць паслядоўнасць і аб’ектыўнасць (наколькі гэта магчыма). Тамы мы раім кожнае мерапрыемства ўспрымаць як чарговую прыступку для фарміравання майстэрства. Нейкія даюцца нам лёгка і прыемна, а нейкія патрабуюць намаганняў.

Самы просты спосаб рэфлексіі - задаць сабе тры пытанні, чым я магу ганарыцца сабой, што добра атрымалася. І яшчэ тройчы адказаць на пытанне, якія ўрокі я хачу вывучыць з гэтага. Напрыклад, што рабіць ці не рабіць у наступныя разы.

У самым пачатку атрыкула мы пісалі, што трэнінгі - гэта стрэс. І не адмаўляемся ад гэтага. Але стрэс бывае розны, у тым ліку пазітыўны. Калі мы робім нешта новае для сябе, прыдбаем новыя навыкі, вучымся. Стрэс - гэта выхад са стану раўнавагі, што само па сабе не дрэнна. Аднак калі ў вас ёсць персанальныя інструменты для ўстойлівасці, захавання кантролю ў стане невызначаннасці - стрэс пераадолець прасцей і прыемней.


Класных вам трэнінгаў!

Хто мы?

DrivED - гэта супольнасць спецыялістак у адукацыі, метадыстак, даследчыкаў у адукацыі. Мы працуем у некамерцыйнай сферы, каб сучасныя курсы і карысныя веды былі агульным дабром для шырокай колькасці людзей.

Чым мы можам быць карыснымі?

🟪 Стварыць “курс пад ключ” для НДА ці камерцыйнай арганізацыі - каб было крута!
🟪 Правесці трэнінг па методыцы, навучанню, адукацыі, стварэнні курсаў
🟪 Дапамагчы з адукацыйнай стратэгіяй, арганізаваць і структураваць працэсы, звязаныя з навучаннем
🟪 Разам “замуціць” сацыяльна карысны праект, узяць на сябе адукацыйную яго частку

Падпісацца на аднаўлення
😺